Вязень №48054
Мала сяньня сустракаецца ў прэсе згадак аб беларускіх вязьнях нямецкіх
канцэнтрацыйных лягероў. Перадусім таму, што лічаным адзінкам беларускай
нацыянальнасьці ўдалося выйсьці адтуль жывымі. Была ж нас там немалая
колькасьць. У адным толькі Асьвенцыме — звыш 3000. Менш — у Дахаў, Матхаўзэне,
Флёсэнбургу, Крос-Розэне і меншых лягерох.
1 сьнежня 1943 году прыбыло ў Асьвенцым звыш 2.000 вязьняў зь Беларусі. За
выняткам 140 чалавек, што падаліся як палякі (пераважна гэта былі нясьведамыя
беларусы рыма-каталіцкага веравызнаньня), рэшта мела цывільную адвагу падацца як
беларусы.
У Асьвенцыме пераважалі палякі, далей ішлі жыды, цыганы, чэхі, французы,
немцы, украінцы, беларусы, расейцы.
Кожны зь вязьняў насіў каляровы трыкутнік (фарба трыкутніка залежала ад роду
«праступства»), а пад ім — чарговы нумар. На трыкутніку была першая літара
дзяржаўнай прыналежнасьці вязьня. Беларусы з заходняй часткі Беларусі насілі
«Р», з усходняй — «R» (Polen, Russe). Адносіны да беларусаў і ўкраінцаў з боку
вязьняў іншых нацыянальнасьцяў, што займалі розныя функцыі, дый наагул, былі
надта варожыя. Асаблівай варожасьцю адзначаліся жыды і палякі, лічачы беларусаў
прадстаўнікамі той нацыянальнасьці, якая супрацоўнічала зь немцамі. Лягерныя
штубовыя, пераважна жыды, за абы-якія правіны забівалі беларусаў-вязьняў да
сьмерці. Аб адносінах палякаў да беларусаў хай сьведчаць наступныя факты.
Ад сьнежня аж да лютага мы знаходзіліся на карантыне ў Асьвенцыме. Сярод нас
дзясяткі паміралі штодзень ад сыпнога тыфу і дызынтэрыі. Нашая дзённая харчовая
порцыя: 200—250 г хлеба, 3/4 літра супу з бручкі, 10-15 г маргарыны (штотрэці
дзень). Ніякіх пасылак ніхто з волі не атрымоўваў. На Каляды з суседняга лягеру
(рабочы аддзел нашага лягеру, дзе пераважалі палякі) вязьні прыслалі на наш блёк
бочку (100 літраў) супу, але з засьцярогаю, што суп мае быць разьдзелены толькі
паміж палякаў, якіх было ў нашым блёку 40—50 чалавек з агульнай лічбы 300—350,
рэшта — беларусы. Блёкавы-паляк загадаў усім палякам выступіць зь міскамі.
Палякі дасталі па 2 літры. У адказ на гэта нехта зь беларусаў распачаў пяяць
«Люблю наш край». Са сьлязамі на вачох пяялі мы, аж покуль штубовыя на чале са
шрайбэрам Краеўскім кіямі змусілі нас змоўкнуць. Тады я ад беларусаў прыпомніў
вязьням-палякам, што, седзячы ў турмах і перасыльных лягерох на Беларусі, мы не
рабілі розьніцы між намі і палякамі. Усюды ў турмах пераважалі беларусы. У
баранавіцкай турме палякі нароўні зь беларусамі карысталіся штодзённай харчовай
дапамогай Беларускай Народнай Самапомачы.
Пасьля заканчэньня карантыну нас асталося жывых з 2000 толькі 300 чалавек.
Але мы не выглядалі ўжо на людзей. Пераважная колькасьць з нас мела ўжо папухшыя
з голаду і холаду рукі і ногі. Мы ўсе былі кандыдатамі ў крэматорыю. Нас усіх
перанясьлі на рабочы лягер. Прыдзел на працу залежаў ад Arbeitsdienst,
кіраўніком якога быў былы польскі паручнік Забельскі. З нас яшчэ ніхто не
атрымоўваў харчовых пасылак, тым часам як іншыя вязьні, за выняткам жыдоў і
расейцаў, маглі атрымоўваць і атрымоўвалі вельмі часта. Асабліва палякі — калі
не ад радні ці знаёмых, дык ад Польскага камітэту апекі, ці нават ад
Міжнароднага Чырвонага Крыжа з Жэневы.
Аб гэтым Забельскі ведаў дасканала, аднак беларусаў вызначыў у самыя горшыя
каманды працы (Konigdgrabe, Fischteich), забіраючы адтуль палякаў на лягчэйшую
працу. Працаваць прыходзілася ў голым полі па калені ў вадзе. Гінулі беларусы
штодзень як мухі. Форарбайтэры, пераважна палякі, дабівалі часта яшчэ зусім
здаровых праклятых русінаў — значыць праклятых беларусаў, ім не саступалі
штубовыя-жыды. Паўла Мілюка, настаўніка за часоў польскіх, бальшавіцкіх і
нямецкіх, некалькі разоў зьбіў да паўсьмерці форарбайтэр-паляк — як калябаранта.
Тое самае было зь Левановічам Лёнем, арыштаваным немцамі за супрацоўніцтва з
партызанамі, і са шмат кім іншым. Некаторыя вязьні, атрымоўваючыя багатыя
харчовыя пасылкі з волі, супу ня елі, а вылівалі вон — заміж таго, каб даць
русам, якія, як ваўкі, хадзілі ў вольны час каля кухні, каб штось вышкрабці з
бочкі з-пад супу з блёку лягернай арыстакратыі.
Амаль ні адной зборкі не прайшло, каб шпайбэр ці перакладчык-паляк не
прыпомнілі беларусам аб супрацоўніцтве зь немцамі, аб крыўдах, што цярпіць
польскі народ і г. д. Гэта была штодзённая літанія, да якой мы, русы, прывыклі. Адным нашым
летуценьнем было вырвацца на транспарт у іншы канцэнтрацыйны лягер.
Крывавы кат Забельскі, маючы, перш як блёкавы, а пасьля як кіраўнік
Arbeitsdienst’у, сотні людзей на сумленьні, ня ўцёк ад кары. У красавіку 1944
году ён, перанесены ў Бухенвальд, згінуў ад рук вязьняў на панадворку 65 блёку.
Шмат каму з нас удалося перамясьціцца ў іншыя канцэнтрацыйныя лягеры. Паўгода
Асьвенцыму многаму нас, апошніх магіканаў з 2000, навучыла. Перадусім —
салідарнасьці між сабой, беларусамі, і салідарнасьці ды прыязьні з украінцамі,
адносіны да якіх былі яшчэ горшыя. Мы навучыліся маўчаць. Носячы літару «р», мы
падаваліся ў незнаёмым для нас асяродзьдзі іншага лягеру як палякі. Мы гутарылі
па-беларуску толькі паміж сабой, або ў адносінах з украінцамі, калі нікога з
палякаў не было блізка. Некаторыя з нас, больш спрытнейшыя, пралазілі працаваць
(ясная рэч, як палякі) на кухню і тады памагалі сваім. Нават былі нашыя
штубовыя. Яны, стаўшы функцыйнымі, клялі і лаялі, польскім звычаем, праклятых
русаў як нямецкіх супрацоўнікаў, хвалілі палякаў, але матэрыяльную помач, часта
нават адкрыта, давалі тым жа русам.
Я быў бы несправядлівым, каб ня ўспомніў аб той помачы і ўсебаковым
падтрыманьні, якое нам у лягеры давалі польскія сацыялістыя і людоўцы. Ім
таксама, як і нам, прыходзілася часта цярпець, як «чырвоным», ад сваіх
суродзічаў. Яны, г. з. польскія сацыялісты і людоўцы (сялянскія дэмакраты),
заапекаваліся намі яшчэ ў Асьвенцыме. З праўдзівай удзячнасьцю ўспамінаю групу
людоўцаў з Гарволінскага павету на чале са сьв. памяці Міхалам Карвецкім. Ён
даваў нам, малой жменьцы пазасталай пасьля карантыну беларускай інтэлігенцыі,
усебаковую помач. Далей быў нашым праўдзівым апекуном у Бухенвальдзе вязень №
1910 (прозьвішча ня памятаю), у Нордхаўзэн-Дора — сьв. памяці др. Міхал Цэрэўка
і яшчэ некалькі чалавек, прозьвішчы якіх не магу прыпомніць. Ім шмат хто зь
беларусаў, у тым ліку і ніжэй падпісаны, заўдзячвае жыцьцё.
Вязень № 48054
№ 9, 1949 г.
Комментариев нет:
Отправить комментарий