Пра вёску Хатынь ведае, напэўна, увесь сьвет. Яна стала
сымбалем страшных пакут беларусаў падчас Другой Усясьветнай вайны. Пра
вёску Лаўжы амаль ніхто ня ведае. Хоць яе таксама спалілі, а ўсё яе
насельніцтва пазабівалі. Разам зь дзецьмі і жанчынамі. Лаўжы былі
зьнішчаныя ў дзень сьвята Савецкай Арміі. 23-га лютага 1945-га году.
На самай беларуска-літоўскай мяжы, на Ашмяншчыне, за маленечкай вёскай Юсялішкі добрая дарога ў бок Літвы сканчаецца. І ўпіраецца ў поле. За нейкія пару кілямэтраў бачная сьцяна лесу. Гэта яшчэ беларускі лес. Калі прайсьці грунтавой дарогай, разьежджанай памежнымі джыпамі, роўна на поўнач, праз хвілін дзесяць выйдзеш у парослае пустазельлем немалое поле. І пасярод гэтага поля, сярод гэтай памежнай цішы, вока выхапіць невялікі мэмарыял. Невысокі каменны крыж, а побач капліца. На крыжы напісана па-беларуску наступнае. «Жыхарам вёскі Лаўжы, загінуўшым падчас баявых дзеяньняў 23 лютага 1945 года».
Што ж гэта за баявыя дзеяньні вяліся ў Беларусі, калі фронт даўно быў у Нямеччыне? Адказ дае польскі надпіс на другім помніку, на капліцы. «У гэтым месцы была вёска Лаўжы. У ноч на 23 лютага 1945 году была пацыфікаваная войскамі НКВД. Былі забітыя ўсе жыхары, а таксама аддзел самаабароны Арміі Краёвай».












